ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)